Пра газ, тормаз, любоў і гвалтоўнае пераразмеркаванне

04 марта 2010
Оцените материал
(0 голосов)

Алесь Чайчыц

Дзяржаўнае кіраванне толькі тады можна назваць паспяховым, калі ў яго выніку грамадзяне маюць лепшыя ўмовы жыцця, у першую чаргу матэрыяльныя. Гэта, зрэшты, і мэта існавання дзяржавы. Пытанне ў тым, якія мэтады дзяржава павінна выкарыстоўваць для дасягнення гэтае мэты, як павінна быць сканструяваная сацыяльна-эканамічная сістэма краіны, каб забяспечваць жыхарам найбольшы матэрыяльны дабрабыт (пра свой дабрабыт духоўны яны, зрэшты, павінны клапаціцца самі). Пытанне ў тым ліку ў тым, ці павінна ўвогуле дзяржава нешта рабіць альбо павінна дэлегаваць забеспячэнне свайго дабрабыту самім грамадзянам.

Каму і чым балавацца

Так званая сацыяльная дзяржава - гэта палітычная сістэма, якая ставіць на мэце дзяржаўна-цэнтралізаваную падтрымку меней заможных слаёў насельніцтва. Цалкам зразумела, чаму да яе інтуітыўна цягнецца абцяжараны савецкай ідэйнай спадчынай і светапоглядам чалавек. Тым не меней, сацыяльная дзяржава - гэта медаль, які мае два бакі.

Не бывае нічога бясплатнага, і сродкі на нібыта бясплатную сацыяльную падтрымку насельніцтва павінны аднекуль брацца.

Добра, калі, як у Брунэі ці Нарвегіі, краіна мае невялікае насельніцтва і дзяржава мае крыніцу манны нябеснай у выглядзе прыродных рэсурсаў, і пры гэтым сумленна размяркоўвае яго паміж грамадзянамі. Шанцуе так далёка не ўсім - у большасці выпадкаў жыхары нафта-газавых краінаў жывуць вельмі бедна, а бенефіцыярамі прыроднага багацця застаюцца толькі кіроўныя эліты.

Калі прыродных рэсурсаў няма, сацыяльная дзяржава працуе іншым чынам: грошы прымітыўна пераразмяркоўваюцца ад тых, хто працуе, да тых, хто не працуе - цэнтралізавана і гвалтоўна.

У такім выпадку адносна эканамічнага росту лібералізацыя эканомікі - гэта "газ", а сацыяльная дзяржава - "тормаз". Чым бядней краіна, тым болей яе кіраўніцтва павінна ціснуць на "газ", каб разагнацца - гэтым прынцыпам паспяхова скарысталіся пасляваенная Нямеччына, Ірландыя, Гонг-Конг, Сінгапур, а цяпер карыстаецца Грузія. Толькі багатыя краіны могуць сабе дазволіць балавацца "тормазам", хаця гэта не касуе маральнай спрэчнасці гвалтоўнага пераразмеркавання сродкаў.

Да якой катэгорыі краінаў належыць Беларусь - да бедных ці да багатых?

Каму і як дапамагаць

Падтрымка грамадствам сваіх слабых членаў можа мець розныя формы. З аднаго боку ёсць добраахвотная падтрымка - дабрачыннасць, узаемадапамога. З другога боку ёсць усеагульная дзяржаўная абавязалаўка.

Насуперак распаўсюджанай думцы, патэрналісцкая дзяржава і дзяржаўнае пераразмеркаванне сродкаў не маюць нічога агульнага з хрысціянскай любоўю да бліжняга. Калі шукаць падабенствы, дык у сацыяльнай дзяржаве хутчэй можна знайсці куды больш рысаў рэкета і рабаўніцтва. Смех смехам, але ў Новым запавеце збіральнікі падаткаў (мытары) разглядаюцца, між іншым, у адной сацыяльнай катэгорыі з прастытуткамі і жабракамі.

Ёсць катэгорыі людзей, якія аб'ектыўна патрабуюць клопату з боку грамадства. Тэарэтычна самыя вылікія групы сярод іх - гэта інваліды, сіроты і самотныя старыкі, але адносна агульнага насельніцтва гэта досыць маленькі працэнт. Рацыянальна, каб дзяржава была гатовая паклапаціцца пра гэтыя катэгорыі людзей. Але пераважная большасць грамадзянаў тэарэтычна былі б у стане знайсці працу і сродак для заробку, і менавіта ў гэтым дзяржава павінна ім спрыяць.

Пры гэтым дзяржава не павінна "ствараць рабочыя месцы" - гэта абсалютна няправільная пастаноўка пытання. Дзяржава павінна ствараць умовы для таго, каб рабочыя месцы з'яўляліся. Практыка паказвае, што гэтаму спрыяе ў першую чаргу лібералізацыя эканомікі, адмаўленне дзяржавы ад актыўнай ролі ў ёй і канцэнтрацыя на забеспячэнні выканання "правілаў гульні".

Пра важнасць паслядоўнасці

Трэба сказаць, што ў рынкавых пераўтварэннях вельмі важная паслядоўнасць. Так, тэарэтычна грамадства не мае абавязальніцтваў перад сярэднім беспрацоўным ці перад сярэднім пенсіянерам. Першыя павінны працаўладкоўвацца нароўне з усімі, а другія павінны за доўгія гады жыцця накапіць досыць сродкаў і/ці вырасціць дзяцей, якія б ім дапамагалі ў старасці (гэта дарэчы пра стымуляцыю нараджальнасці).

Але ў выпадку Беларусі нельга касаваць постсавецкую пераразмеркавальную сістэму, вызваляць грамадства з-пад гэтай "кропельніцы", пакуль не створаныя ўмовы для таго, каб людзі маглі жыць без яе.

У прыватнасці, касаваць савецкага кшталту пенсійную сістэму неабходна, але зрабіць гэта можна толькі паступова і толькі па меры таго, як сярод пенсіянераў будзе павялічвацца колькасць людзей, якія маюць ашчаджэнні і могуць не залежаць ад дзяржавы. Трэба разумець, што сённяшнія людзі не вінаватыя ў тым, што за часы савецкай акупацыі ці кіравання А. Лукашэнкі не мелі магчымасці зарабляць грошы. Вінаватая ў гэтым дзяржава, і яна павінна плаціць ім кампенсацыю за згубленыя па яе віне магчымасці (асабліва з улікам таго, як сённяшняя ўлада любіць пяшчотна і патэтычна апеляваць да "слаўнага" савецкага мінулага).

Спачатку павінна адбыцца рашучая дэбюракратызацыя вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці, павінны быць створаныя ўмовы для прыхода замежных інвестараў, максімальна ільготныя падатковыя ўмовы для новых прадпрыемстваў на працягу першых некалькіх гадоў. Пасля таго, як прыватны, нармальны сегмент эканомікі пачне расці, можна пачаць пераводзіць грамадства на "самазабеспячэнне" - але ніяк не ў адваротным парадку.

Дэмантаж сацыяльнай дзяржавы - гэта "цотныя" крокі пераўтварэнняў, якія павінны ісці з пэўным адставаннем ад захадаў па павелічэнні прастору для рэалізацыі грамадзянамі прадпрымальніцкай ініцыятывы.

Дзяржаўны лад павінен быць перастаўлены на ліберальныя рэйкі - максімальна, наколькі гэта магчыма. Гэта адзіны спосаб, адзіная сістэма, пры якой стымулюецца стваральная праца і пры якой людзі заахвочаныя да сапраўднай любові адно да аднаго, а не да дэлегавання сваёй міласэрнасці цэнтралізаванаму бюракратычнаму апарату. Для дапамогі людзям у патрэбе існуюць дабрачынныя фонды, мясцовыя супольнасці, існуе, нарэшце, царква ці касцёл. Ёсць падазор, што на агульнанацыянальнай абавязалаўцы настойваюць тыя, хто без абавязалаўкі на дапамогу суседзям не здольны.

http://3dway.org/

 

 

Подпишись на новости в Facebook!