Чайчиц Алесь

Автор  07 июля 2008
Оцените материал
(0 голосов)

What they have to discover, what all the efforts of capitalism’s enemies are frantically aimed at hiding, is the fact that capitalism is not merely the ‘practical’, but the only moral system in history [1].
Ayn Rand

Capitalism is what people do if you leave them alone [2].
Kenneth Minogue

Разважаючы пра шляхі да перабудовы беларускай эканомікі на эфэктыўны лад ці, пагатоў, стварэньня “беларускага эканамічнага цуда”, неабходна пачынаць з вызначэньня ідэалёгіі гэтага эканамічнага пераўтварэньня, пра стварэньне інтэлектуальнага фону, перадумоваў, таго, што па-ангельску можна абазначыць як нейкі ідэйны “framework”. Слушна закладзеныя ідэйныя асновы дазволяць аптымальна выкарыстаць наяўныя рэсурсы. Наадварот, адсутнасьць выразнай ідэалёгіі эканамічных пераўтварэньняў будзе азначаць адсутнасьць сыстэмнасьці і пасьлядоўнасьці рэформаў. Якой павінна быць гэта ідэалёгія? З аднаго боку, яе вызначэньне вымагае наватарства. Зь іншага боку, некаторыя рэчы ляжаць зусім на паверхні і заключаюцца ў самой, дастаткова добра вывучанай, натуры жыцьця чалавечага грамадзтва.

Сьмешна і сумна, як за дзесяцігодзьдзі савецкай дыктатуры словы “капіталізм”, “капіталіст” у якасьці абазначэньня рынкавай эканомікі і яе суб’екта зрабіліся лаянкамі. У постсавецкія часы лаянкамі, у сваю чаргу, зрабіліся словы “лібэрал”, “дэмакрат” і ўвогуле “апазыцыянэр”. Гэтаксама слова “буржуа”, што першапачаткова абазначала прадстаўнікоў заможнай сярэдняй клясы, “бюргерства”, зрабілася за савецкім часам абразьлівым “буржуй”. Характэрна, аднак, што ў выніку атрымалася, што большая частка грамадзтва імкнецца належаць менавіта да гэтай самай “буржуазіі”, гэтага самага “бюргерства”. Гэтаксама, як пераважная большасьць людзей хоча свабоды слова і сумленных выбараў, але ня звыклася называць гэта “дэмакратыяй”. Як кожны чалавек хоча сабе асабістай свабоды, але ня ведае, што гэта называецца “лібэралізм”. Многія перасталі падтрымліваць дзейсную ўладу, але дагэтуль не ўсьведамілі, што такім чынам зрабіліся “апазыцыянэрамі”.

Гэтаксама людзі хочуць дабрабыту, сумленна працаваць, зарабляць грошы для сваёй сям’і і плаціць паменей падаткаў - але ня ведаюць, што гэта і называецца “капіталізм”.

Немагчыма падмануць натуру, і немагчыма падмануць саміх сябе. І хаця гэныя антыкапіталістычныя ўстаноўкі паступова разбураюцца, адбываецца гэта, праз шэраг зразумелых прычынаў, занадта павольна. І таму ім у гэтым безумоўна варта дапамагчы.

Беларусь амаль два дзесяцігодзьдзі па распадзе СССР дагэтуль знаходзіцца на раздарожжы. Болей не існуе цыкляпічнай плянавай савецкай эканомікі, часткаю якой Беларусь была, і краіна засталася апошняй нярынкавай выспай на кантынэнце, хаця з-за сваёй апошнясьці дзяржава вымушаная ўсё ж гуляць па рынкавых правілах у міжнароднай эканоміцы.

Нязвыклым, але фактам ёсьць і тое, што Беларусь цяпер - адна з найбольш бедных краінаў Эўропы. Асабліва яскравы кантраст на фоне актыўна растучых Польшчы, Чэхіі, Вугоршчыны, краінаў Балтыі, Расеі - пераважнай большасьці постсацыялістычных краінаў рэгіёну. І нават не ступаючы далей за гэта, мы ўжо можам заявіць пра нярынкавы, некапіталістычны характар беларускай эканомікі як асноўную прычыну зьбядненьня Беларусі на фоне эканамічнага буму ў яе суседзяў. Нават краіны як Малдова ці надоечы дэ-факта стаўшая членам NATO Альбанія дасягнулі большага прагрэсу на шляху эканамічных рэформаў, чым Беларусь.

Выклікам зьяўляецца факт адсутнасьці ў Беларусі запасаў натуральных рэсурсаў, а таксама прамысловасьці, якая была б дзеяздольнай па-за былымі савецкімі вытворчымі ваенна-прамысловымі схемамі. Беларусь атрымала ў спадчыну ад СССР галоўным чынам машынабудаўніцтва і нафтаапрацоўку, то бок, умоўна кажучы, вытворчасьць і рамонт танкаў і забесьпячэньне паліва да іх на заходняй мяжы імпэрыі; і гэты патэнцыял неяк інтэгравала ў цяперашнія гандлёвыя стасункі Расеі і Заходняй Эўропы.

Ва ўмовах адсутнасьці натуральных рэсурсаў, Беларусь ня мае дармовых крыніцаў “манны нябеснай”. Галоўны рэсурс Беларусі - гэта рэсурс чалавечы, і таму, каб у краіну прыйшоў росквіт, асабліва неабходная мабілізацыя інтэлектуальных і прадпрымальніцкіх здольнасьцяў людзей. Беларусь мае досыць вялікі індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу, шмат адукаваных і разумных спэцыялістаў, нават з улікам буйнамаштабнага “адтоку мазгоў” з краіны, які, дарэчы, таксама нельга лічыць зусім незваротным.

Праз “усеагульную мабілізацыю” Беларусь прынцыпова здольная выйсьці з крызысу, як барон Мюнхгаўзэн, што сам сябе выцягнуў з багны за валасы. Выкарыстоўваючы свой розум і вынаходлівасьць, людзі могуць пабудаваць фабрыкі і заводы, стварыць сваім супляменьнікам рабочыя месцы, з пустэчы і занядбанай зямлі зрабіць квітнеючы сад. Не натуральныя рэсурсы краіны граюць вырашальную ролю, але выключна здольнасьці і ідэі людзей, што яе насяляюць. Можна мець багатыя радовішчы нафты і газу, але жыць у галечы - а можна мець усяго толькі гандлёвы порт на ўзьбярэжжы мора і квітнець.

Проста дзяржава павінна зрабіць так, каб людзі выявілі і рэалізавалі свае здольнасьці. Аднак, дзяржаўныя рашэньні, якія вядуць тут да посьпеху, ляжаць па-за звыклымі апрыёрнымі ўяўленьнямі. Гэта тое, што ў ангельскай мове называецца “think out of the box” - і гэта якраз тое, што трэба праявіць беларускай дзяржаве, каб зрабіць Беларусь пасьпяховай краінай.

Што павінна рабіць дзяржава для таго, каб мабілізаваць людзей на працу дзеля эканамічнага росту ў краіне? Савецкая ўлада падыходзіла да гэтага, здавалася б, рацыянальна: яна ставіла пляны і давала эканоміцы распараджэньні. Але “несьвядомыя” людзі чамусьці супраціўляліся ёй. І хаця плянавая эканоміка напачатку нібыта дасягнула нейкіх посьпехаў, зь цягам часу разам з вонкавымі фактарамі зьмянілася і псыхалёгія людзей: яны навучыліся падманваць сыстэму, каб адначасова “перавыконваць плян”, атрымліваць заробкі і прэміі, але не напружвацца і не ствараць рэальнага прадукту. Вынікам зрабілася паступовая марудная сьмерць савецкай эканомікі, што суправадзіла каляпс і ўсяго Савецкага зьвязу.

Як атрымалася, рост і посьпех савецкай плянавай, антыкапіталістычнай эканомікі, супярэчыў рэальным інтарэсам савецкіх грамадзянаў. Яны не былі зацікаўленыя ў гэтым росьце, таму што ён не прыносіў ім непасярэднай выгоды: заробак чалавека часта не залежаў ад ягоных дасягненьняў, лёзунгам было “кожнаму - па патрэбе”, а не “...паводле створанай ім карысьці, ацэненай пакупніком ягонага прадукту”. У такіх умовах з боку людзей робіцца рацыянальным неэфэктыўна працаваць, падманваць сыстэму (а разам зь ёй - і іншых людзей), бо рацыянальна здабываць грошы для сябе і сваёй сям’і найпрасьцейшым спосабам з даступных.

А калі рацыянальным робіцца парушэньне закону і маральных нормаў, у псыхалёгіі і мэнтальнасьці людзей пачынаюцца заганныя працэсы. Па іх выніках мы бачым, як сацыялістычная сыстэма спарадзіла прававы нігілізм, карупцыю, сама сабой стварыла апраўданьне злачынствам увогуле - проста таму што праз крывадушніцтва і хлусьню, “блат”, сабатаж і інстытуцыяналізаваны крадзеж чалавеку было прасьцей дасягнуць дабрабыту, чым праз сумленную працу.

Сацыялізм і “сацыяльная эканоміка”, нягледзячы на ўсе наіўныя сьветлыя пастуляты, у рэчаіснасьці ствараюць нездаровы балотны клімат, у якім плодзяцца паразыты і вірусы, гэта пухліна, якая маральнымі лёзунгамі псуе маральнасьць людзей. Рамантычная ілюзія апынулася амаральнай і крывадушнай сыстэмай падпарадкаваньня і падаўленьня свабоды чалавека, у якой ён вучыцца не альтруізму, як задумвалі архітэктары сьветлай сацыялістычнай будучыні, але падману, крадзяжу і сабатажу.

Постсавецкі чалавек хутчэй за ўсё задасьць сабе пытаньні, ці вінаватыя ў гэтым людзі, што не хацелі працаваць па сацыялістычных правілах, альбо ці вінаватая дзяржава, што не змагла іх да гэтага прымусіць. Але пытаньнем павінна быць, ці сумленна ўвогуле прымушаць людзей да чагосьці, чаму яны сваімі дзеяньнямі ўпарта чыняць супраціў.

Дык што ж, ці людзі не зацікаўленыя ў эканамічным росьце сваёй краіны? На гэта пытаньне можна адказаць і гэтак: “Не, не зацікаўленыя”. Яны зацікаўленыя ў “эканамічным росьце” ў першую чаргу для сябе і сваіх блізкіх. Але калі ўсе жыхары краіны зацікаўленыя ў дабрабыце для сябе і сваіх блізкіх - значыць, уся краіна хоча эканамічнага росту. І толькі праз гэтую прызму варта разглядаць эканамічнае разьвіцьцё і варыянты для мабілізацыі нацыянальнага патэнцыялу.

Такім чынам, грамадзтва само хоча ўласнай мабілізацыі. Людзі хочуць і могуць працаваць - але працаваць на сябе, а не на чыноўніка, што прыхоўваецца за прапагандысцкімі вобразамі “Радзімы-матухны” ці “народа”. Пасьпяховая краіна - гэта краіна, у якой чалавеку камфортна жыць і ў якой ён мае магчымасьць рэалізаваць свае ідэі і памкненьні. Гэта тая краіна, што вабіць ініцыятыўных і творчых людзей, а ня тая, зь якой людзі намагаюцца зьбегчы ад падатковага і адміністрацыйнага прэсу. Калі ў інтарэсах тысячаў беларусаў пакідаць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і шукаць шчасьця за яе межамі - гэта значыць, што інтарэсы беларусаў супярэчаць інтарэсам і палітыцы беларускай дзяржавы. І гэта можна назваць трагедыяй.

Нішто не мабілізуе чалавека гэтак, як ён сам, нішто не дае яму гэткіх сілаў рабіць, імкнуцца, ствараць, як уласны розум і ўласнае жаданьне. Ты ня будзеш рабіць якасна тое, што ты ня будзеш рабіць добраахвотна. Ты ня будзеш добраахвотна рабіць тое, у чым ты не зацікаўлены.

Грамадзтва ёсьць сумай індывідуальнасьцяў, прыватных асобаў. Таму і інтарэсы народа, інтарэсы грамадзтва - гэта сума прыватных інтарэсаў усіх бяз выключэньня членаў гэтага грамадзтва. “Без меня мой народ не полон”, як пісаў Андрэй Платонаў. Без уліку маіх інтарэсаў нацыянальныя інтарэсы - не нацыянальныя.

Менавіта таму кіраваць эканомікай павінны самі людзі, а не міністэрскія чыноўнікі, і адзіная магчымая справядлівая эканоміка - гэта эканоміка прыватнага ўласьніка, максымальна свабоднага ў сваёй бізнэсовай дзейнасьці ад аковаў навязьлівага дзяржаўнага рэгуляваньня. Капіталістычная эканоміка.

Калі эканоміка цэлай краіны назвываецца “народнай гаспадаркай” і кіруецца дзяржаўным плянам, рашэньні прымаюцца замкнёным колам чыноўнікаў зь міністэрства дзяржаўнага плянаваньня. Калі разьвіцьцё эканомікі вызначаецца рынкам, яно вызначаецца самастойнымі рашэньнямі тысячаў і тысячаў гульцоў. Расейская прымаўка кажа “адна галава - добра, а дзьве - лепей”. Гэтаксама і тысячы “галоваў”, кожная зь якіх засяроджаная на сваім лякальным участку і ўпэўнена заматываваная да посьпеху, лепей вызначаць і арганізуюць прапанову спажыўцу лепшых тавараў і адэкватную аплоту працы, чым дзясятак “галоваў” у міністэрстве.

Ініцыятыва павінна заахвочвацца, а не падаўляцца, бо толькі прыватная, не санкцыянаваная зь міністэрства ініцыятыва - сапраўдны рухавік разьвіцьця і прагрэсу, чыньнік стварэньня новага.

У рэшце рэшт, капіталізм - гэта адзіная эканамічная сыстэма, якая грунтуецца на веры ў чалавека, на даверы да яго з боку грамадзтва і дзяржавы. А ці бывае нешта больш паважлівае і гуманнае, чым давер? Камунізм бачыць у чалавеку віньцік вялізнай людажэрнай машыны. “Аблегчаны” дэмакратычны сацыял-папулізм бачыць у чалавеку дойную карову альбо ўхільнага і слабога ёлупа, нежыцьцяздольнага без падтрымкі з боку ласкавага дзядзі-чыноўніка.

Аргумэнтацыя прыхільнікаў дзяржаўнага рэгуляваньня ў эканоміцы і па-за ёю зводзіцца да тэзысу пра тое, што людзі, прынамсі іх большая частка, - дурныя, злыя, грэшныя істоты, якіх мудрая рука чыноўніка павінна вучыць жыць. Што характэрна, самі крытыкі капіталізму і чалавечай свабоды сябе да дурных рэдка адносяць, асабліва калі гэтым людзям трэба прыцягнуць галасы выбарцаў.

І толькі капіталізм як эканоміка прыватнага ўласьніка, толькі лібэралізм як ідэалёгія чалавечай свабоды разглядаюць чалавека як разумную істоту, здольную быць сумленнай, парадачнай, ствараць карысны для астатніх прадукт і за яго прапанову спажыўцам атрымліваць заслужаныя грошы. Чалавек - найвышэйшая форма жыцьця з тых, што вядомыя навуцы. Мы маем розум, маем сумленьне і па іх можам і павінны жыць.

Ня верце тым, хто кажа вам, што вы не гатовыя да свабоды. Калі вы паслухаеце іх, вы ніколі ня станеце да яе гатовымі. Плаваць вучацца ў вадзе - гэтаксама свабодзе і адказнасьці вучацца толькі праз свабоду і адказнасьць. Краіны, да якіх нам усім бы хацелася, каб Беларусь была падобнай, усе прайшлі праз пэрыяд станаўленьня грамадзкай сьвядомасьці і бізнэс-культуры. Так, перад гэтым многім зь іх давялося прайсьці праз пэрыяд “дзікага капіталізму” і супакойваньня хваляў, унармаваньня пасьля шторму, але альтэрнатывай гэтаму быў бы застой, крах і ў выніку – таксама пераход, толькі ў куды больш балючых и непрыемных формах. Прыклады і першага, і другога нам падаравала гісторыя посткамуністычных рэформаў ва Ўсходняй Эўропе.

Сытуацыя, у якой зараз апынулася Беларусь - гэта з аднаго боку згублены час, але з другога боку - ня згубленыя магчымасьці. Коштам нашага адставаньня ад суседзяў, якія ўжо зьдзейсьнілі пераход да дэмакратыі і рынкавай эканомікі, гісторыя дае нам шанец засвоіць усё самае лепшае ад іхнага досьведу. Мы маем магчымасьць не паўтарыць іхных памылак і выкарыстаць найлепшыя іхныя знаходкі. А можам і нават пераўзысьці іх, пайсьці далей па лібэральнай сьцежцы з улікам памылак і перамогаў, празь якія прайшлі найбольш пасьпяховыя ўсходнеэўрапейскія рэфарматары.

Няма лепшага спосабу мабілізаваць творчы, рабочы патэнцыял краіны, чым зрабіць людзей зацікаўленымі ва ўласнай мабілізацыі. Загады і ўдары бізуна рэдка матывуюць да чагось, акрамя супраціву. Калі коньнік заблукаў, трэба адпусьціць лейцы каня, каб мудрая жывёліна сама вывяла на дарогу. Тое ж самае спрацуе і з нацыянальнай эканомікай.

Гісторыя не перастае дэманстраваць, што капіталізм - гэта сыстэма, якая стварае найлепшыя ўмовы для рэалізацыі людзьмі сваіх здольнасьцяў і ажыцьцяўленьня імі сваіх мараў і памкненьняў, а таксама для мабілізацыі найлепшых творчых і прадуктыўных сілаў нацыі. Толькі тая краіна будзе пасьпяховай, дзе гэткія ўмовы будуць створаныя і куды людзі будуць імкнуцца іміграваць, замест таго, каб зьяжджаць зь яе. Капіталізм - гэта рацыянальна, натуральна і маральна. Капіталізм - гэта добра.


[1] “Што ім трэба высьветліць і на схаваньне чаго скіраваныя ўсе намаганьні ворагаў капіталізму, гэта факт таго, што капіталізм ёсьць ня проста “практычнай”, але таксама і найбольш маральнай сыстэмай у гісторыі” (Айн Рэнд)

[2] “Капіталізм - гэта тое, чым людзі займаюцца, калі іх пакінуць у спакою” (Кеннэт Міноґ)

 

 

Новые материалы

Подпишись на новости в Facebook!