Лiбералiзм для Беларусi

Автор  07 июля 2008
Оцените материал
(0 голосов)

Шамякин Александр

“Лібералізм з’яўляецца не палітыкай у інтарэсах
якой-небудзь асобай групы, а палітыкай у інтарэсах
усяго чалавецтва”

Людвіг фон Мізэс.

Калі мы зададземся пытаннем “Які сацыяльна-эканамічны лад самы дасканалы?”, то не пачуем адназначнага адказу. Будуць прыводзіцца самыя розныя аргументы на карысць пэўнай сацыяльна-эканамічнай сістэмы. І гэта грунтуецца на розных палітычных перакананнях людзей, іх уяўленнях аб балазе і, нават, псіхалагічных асаблівасцях. Такая сітуацыя абсалютна натуральная, бо відавочна, што дасканалай сацыяльна-эканамічнай сістэмы не існуе, бо ў кожнай сістэме можна знайсці свае хібы. Таму варта паставіць іншае пытанне: “Які сацыяльна-эканамічны лад дазваляе максімальна раскрыць талент і магчымасці чалавека, забяспечыць яго палітычныя і эканамічныя свабоды, ствараць эканамічны рост і, адпаведна, прыводзіць да росту нацыянальнага багацця?”. Адказ будзе відавочным – капіталізм, а калі больш дакладна – яго светапоглядавая канцэпцыя – лібералізм. І гэтая выснова ўзнікае не ад жадання ўзнесці гэты лад, а засноўваецца на эмпірычным матэрыяле.

Не існуе ні адной гісторыі поспеху і росквіту сістэмы, якая была б заснавана на гвалце, планавай эканоміцы і дзяржаўнай уласнасці на сродкі вытворчасці. Усе прыклады эканамічных сістэмаў, заснаваных на падобных прынцыпах, ужо пацярпелі няўдачу (СССР, Куба, Паўночная Карэя і пералік можна працягнуць). На супрацьлеглым полюсе мы бачым сапраўдныя гісторыі поспеху свабодных грамадстваў ЗША, Еўропы, Канады, Аўстраліі, Японіі і інш. Нічога так не штурхае чалавека да творчасці, ініцыятывы і дасягнення поспеху, як наяўнасць Свабоды. Галоўнае для чалавека самому абіраць свой жыццёвы шлях і быць мэтай, а не сродкам, напрыклад, у дасягненні розных вар’яцкіх ідэяў кшталту сусветнай рэвалюцыі і пабудовы камунізму, з якой мы ўжо сутыкаліся ў нашай гісторыі, і якая нічога станоўчага нам не прынесла. Бо калі чалавек становіцца сродкам у дасягненні выніка, то да праліцця крыві застаецца адзін крок. У супрацьвагу гэтаму ліберальная філасофская канцэпцыя, якая грунтуецца на “катэгарычным імператыве” Канта, вылучае прынцып абсалютнай каштоўнасці асобы, якая не можа быць прыладай здзяйснення ніякіх планаў, нават самых высакародных і накіраваных на ўсеагульнае дабро. Згодна такому разуменню дзяржава мусіць садзейнічаць развіццю аўтаномнасці і індывідуальнасці асобы. Па Канту, грамадства, якое складаецца з шматлікасці індывідаў, кожны з якіх мае ўласныя мэты, інтарэсы і ўяўленні аб балазе, лепш упарадкавана, калі яно падпарадкоўваецца прынцыпам, якія не разумеюць ніякага канкрэтнага ўяўлення аб балазе.[1]

Менавіта такое ўяўленне палягае ў аснове лібералізму – сістэмы, заснаванай на прынцыпах прыватнай уласнасці, індывідуальнай свабоды, свабоднай рынкавай эканомікі. Лібералізм ахоплівае ўсе сферы грамадскай рэчаіснасці: эканоміку, палітыку, права, сацыяльную сферу. Але наўрацці можна прыгадаць месца, дзе б лібералізм быў ажыццёўлены ў поўнай меры, бо нават у развітых капіталістычных краінах ліберальная мадэль не рэалізавана поўнасцю. Тым не менш, эканомікі тых краінаў, якія адносна ліберальныя, развіваюцца куды больш дынамічна і плённа, чым несвабодныя эканомікі, эканомікі, дзе дамінуюць прынцыпы інтэрвенцыянізму і сучаснага меркантылізму. Якраз да апошніх і адносіцца эканамічная мадэль сучаснай Беларусі, якая характарызуецца вельмі вялікім дзяржаўным умяшальніцтвам у эканоміку, рэгуляваннем цэнаўтварэння і, як вынік, істотнай вагой ценявога сектару, планаваннем, тыповым спадарожнікам якога выступаюць прыпіскі і завышаныя статыстычныя паказальнікі. Прадуктамі такой сістэмы з’яўляюцца неэфектыўныя сельская гаспадарка і сацыяльная сфера, адсутнасць рынку і сярэдняга класу, як сацыяльнай асновы эканомікі сучаснага тыпу і носьбіта ліберальных ідэяў.

Здавалася, што пасля крушэння сацыялізму ў пачатку 1990-х гг. ён поўнасцю сябе дэскрэдытаваў, але яго па-ранейшаму вельмі шмат у сучаснай Беларусі. Лагічна было меркаваць, што пасля распаду СССР самым разумным крокам была б рэалізацыя мадэлі, заснаванай на прынцыпах лібералізму. Але не пайшлі мы па такому шляху. Чаму? Што гэта, гістарычны парадокс? Цяперашні шлях развіцця Беларусі знаходзіць значную падтрымку ў шырокіх колах, нават многія эканамісты станоўча ацэньваюць эканамічную палітыку беларускіх уладаў. Афіцыйна яна завецца сацыяльна арыентаванай рынкавай эканомікай, якая, маўляў, абыйшла бокам негатыўныя сацыяльныя выняткі сацыяльна-эканамічнай трансфармацыі краінаў былога сацыялістычнага лагеру і СССР. Сапраўды, усе прыклады трансфармацыяў былых сацыялістычных краінаў знетаваныя з пэўнымі сацыяльнымі выняткамі: падзенне ўзроўня вытворчасці і рэальных даходаў насельніцтва, беспрацоўем і г.д. Але, што цікава, ні ва ўсіх краінах былога сацыялізму наступствы палітыкі “вялікага выбуху” ці “шокавай тэрапіі” былі аднолькавыя: адныя краіны, як, напрыклад, Польшча і Прыбалтыйскія рэспублікі, даволі хутка пераадолелі негатыўныя наступствы пераходнага перыяду, а іншыя краіны, як, напрыклад, Расійская Федэрацыя і Украіна, прадэманстравалі адваротны прыклад рэалізацыі ліберальнага трансфармавання. Так, напрыклад, Расія не толькі не змагла ў кароткі тэрмін дасягнуць фінансавай стабілізацыі, а наогул згарнула рынкавыя рэформы, бо адсутнасць палітычнага адзінства падчас канфлікту паміж выканаўчай і заканадаўчай уладамі ў 1992 – 1993 гг. не дазволіла правесці радыкальныя рэформы. У выніку – зацягванне трансфармацыі, але насельніцтва не можа трымаць доўга негатыўныя наступствы і ў рэшце рэшт гэта прыводзіць да згортвання рэформаў. Паспяховасць жа ліберальных рэформаў і пабудовы рынкавых інстытутаў залежыць ад хуткасці і маштабнасці пераўтварэнняў.[2]  Што датычыцца Беларусі, то тут наогул не ажыццявілася ліберальная сацыяльна-эканамічная трансфармацыя і, адпаведна, не было такіх вялікіх спадарожных ёй сацыяльных выняткаў, як пры палітыцы “вялікага выбуху” ці “шокавай тэрапіі”. І гэта сёння выстаўляецца як суцэльны поспех. А ці на самой справе мы выйгралі у гэтым? Думаецца, што няма на гэта катэгарычнага адказу, бо нягледзячы на сацыяльны спакой і вельмі адносны дабрабыт, які па сутнасці зусім абмежаваны, у перспектыве мы не зможам атрымаць плён, захоўваючы існуючае становішча. Бо, як паказвае гісторыя, падобныя інтэрвенцыянісцкія сістэмы ў перспектыве не трывалыя і не здольныя рэагаваць на выклікі часу і адказваць на патрэбы рынку.

З гэтага вынікае неабходнасць перагляду эканамічнай палітыкі ў Беларусі на карысць ліберальнай мадэлі развіцця. Яна ўключае ў сябе традыцыйныя ліберальныя каштоўнасці: свабодны рынак, прыватную ўласнасць на сродкі вытворчасці і яе недатыкальнасць, індывідуальную свабоду чалавека і дзейсны плюралізм. Наўрад ці цвяроза думаючы чалавек будзе адмаўляць карыснасць гэтых каштоўнасцяў, хаця ў часткі беларускага грамадства, якае на працягу цэлых пакаленняў прызвычаілася жыць у этатысцкай сістэме, дзе дзяржава стварае бачнасць усеагульнага сацыяльнага забеспячэння і апекваецца над насельніцтвам, сфарміравалася ўяўленне пра амаральнасць капіталістычнай сістэмы, дзе пануе ўлада грошай і карысці. Але давайце паглядзім, наколькі маральнай была савецкая сістэма “развітога” сацыялізму. Калі мы вернемся ў недалёкае мінулае, то ўзгадаем кіламетровыя чэргі, дэфіцыт, хамства абслугоўваючага персаналу і іншыя індыкатары эканамічнага здароўя. Савецкая сацыяльна-эканамічная мадэль нарадзіла на свет сістэму блату, двуаблічча і залюстэркавасці. Гэта была самая амаральная мадэль, якая прывяла да эканамічнага калапсу і поўнасцю сябе дыскрэдытавала, пакінуюшы толькі ўкаранёныя ў галовах часткі беларускага грамадства ірацыянальныя памкненні да ўсеабдымнай дзяржавы і наступу на прыватны капітал.

Лібералізм у адрозненні ад сацыялізму не дэкларуе фіктыўную сацыяльную роўнасць, лібералізм стварае роўнасць стартавых магчымасцяў, бесстароні суд і дае Свабоду ў самым шырокім сэнсе (свабоду заключэння кантрактаў, свабоду выбару жыццёвых установак, свабоду сумлення, свабоду палітычных перакананняў і г.д.). Лібералізм стварае канкурэнцыю – неабходную ўмову для здаровага эканамічнага развіцця і росквіту, бо без яе немагчыма рэалізаваць эфектыўнае выкарыстанне абмежаваных рэсурсаў і іх эканомію адначасова пры атрыманні максімальнага прыбытку. А гэта магчыма толькі пры наяўнасці інстытута прыватнай уласнасці, бо ніхто так не клапоціцца аб справе, як сапраўдны гаспадар, ніхто больш не зацікаўлены ў доўгатэрміновай стабільнай прыбытковай працы свайго прадпрыемства, як сапраўдны ўласнік, ніхто не можа прымаць рацыянальныя эканамічныя рашэнні, як бізнэсмэн. У выпадку, калі уласнік – дзяржава, то пры кіраванні прадпрыемствам яна кіруецца не інтарэсамі атрымання максімальнага прыбытку пры абмежаваных рэсурсах, а кіруецца іншымі, не эканамічнымі матывамі. Чыноўнік ці дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства ў адрозненні ад бізнэсмэна – не прафесіянал, ён не здольны эфектыўна кіраваць прадпрыемствам, ён не заўсёды зацікаўлены ў рэнтабельнасці вытворчасці і разлічвае на датацыі, субсідыі, пратэкцыянізм з боку дзяржавы замест таго, каб у канкурэнтнай барацьбе павышаць якасць, скарачаць неабгрунтаваныя выдаткі на вытворчасць і, нарэшче, зніжаць кошт.

Яскравая розніца паміж эфектыўнасцю дзяржаўнага ці грамадскага валодання сродкамі вытворчасці і прыватнай уласнасцю прасочваецца на прыкладзе беларускай сельскай гаспадаркі, але не толькі на сучасным прыкладзе, а і ў гістарычнай рэтраспектыве. Так, калі параўнаць Заходнюю і Усходнюю Беларусь, то заўважныя істотныя кантрасты ў сельскай гаспадарцы, якія звязаныя са спецыфічнасцю развіцця двух рэгіёнаў. У Заходняй Беларусі гістарычна склалася падворнае землекарыстанне, а ва Усходняй Беларусі – абшчыннае землекарыстанне, Заходняя беларусь ня ведала такога здзеку над сялянамі, які адбываўся ў 20 – 30-я гг. ХХ ст. падчас калектывізацыі ў БССР. Таму сёння Заходняя Беларусь выглядае больш прывабна ў гаспадарчым плане, чым Усходняя Беларусь.

Лібералізм пачаў адваёўваць сабе новыя пазіцыі пасля крушэння сістэмы сацыялізму ў Еўропе, тым не менш баталія яшчэ не скончана, яшчэ працягваецца барацьба за сэрцы і розум людзей, але перамога будзе за розумам, рацыянальнасцю і Свабодай, то бок за лібералізмам. Беларусь можа і павінна стаць квітнеючай, эканамічна моцнай краінай, неад’емнай часткай сям’і еўрапейскіх народаў. У нас ёсць шмат адказных, сумленных і здольных людзей, якія могуць быць добрымі і паспяховымі ўласнікамі. Беларускі народ павінен стаць сапраўдным гаспадаром на сваёй зямлі, кожны чалавек павінен стаць гаспадаром свайго лёсу і быць вольным у сваім выбары і адказным за свае ўчынкі. Дзяржава, у сваю чаргу, мусіць сачыць за выкананнем законаў, абараняць правы і свабоды індывіда, адстойваць інтарэсы Беларусі на міжнароднай арэне і забяспечваць знешнюю абарону.

Надыйшоў час стварыць сваю гісторыю поспеху, якая будзе годным дыямантам у скарбонцы дасягненняў лібералізму!



[1] Кант И. Критика практического разума // Сочинения: В 6 т. М.: Мысль, 1965. Т. 4

[2] Бальцерович Л. Навстречу ограниченному государству / Пер. с англ. М.: Новое издательство, 2007 – С. 81 – 82.

 

 

Подпишись на новости в Facebook!

Новые материалы

февраля 20 2017

20 инновационных идей. Для начала.

Александр Лукашенко опять требует от своей Вертикали новых, свежих идей. Это как требовать от «Запорожца» прыти «Мерседеса», как ожидать от старой клячи дерзости рысака. Вот…